05.07.2019. Беларускі сакрум. Узьлёт і падзеньне летняга солстысу або Купала на Йвана

У Савецкім Саюзе ў часе вялікіх дэнацыяналізацый беларусаў яднала ня мова, не гістарычная памяць, не аўтэнтычныя народныя традыцыі і не шляхетная культура, бо ўсё гэта было дратаванае ці фальшаванае адукацыяй і прапагандаю. 

Але была ў іх адна сакральная веда, якая належала толькі ім адным, і хаця сэнсы яе былі няўлоўныя, зацертыя і амаль неістотныя, незразумелая адданасьць ёй трывала праз пакаленьні. 

Беларусы ведалі, што апрача Новага году, 7 лістапада, 8 сакавіка ды іншых сьвят з агульнасавецкага календару, ёсьць яшчэ й Купальле, якое нібыта прарвалася з іншага вымярэньня, з паралельнага сьвету, і засела ў нейкім закутку нацыянальнае сьвядомасьці, куды не дасягала прапаганда.

 І па ўсёй Беларусі ў гонар Купальля людзі палілі гумовыя пакрышкі… І бадай адзінаю агульнавядомаю легендай была папараць-кветка, а ледзь не адзінаю беларускаю песьняй, якую так ці інакш ведалі ўсе, была “Купалінка”.

Што ж у сьвяце летняга сонцастаяньня такога, што яно патрапіла стацца культурным кодам, які неўсьвядомлена для большасьці сваіх носьбітаў падтрымліваў ці падсілкоўваў іх беларускую прыналежнасьць? Якія сэнсы меў гэты солстыс, званы Купальлем, у народнай традыцыі, у хрысьціянскім каляндары, у выкшталцоных працах мысьляроў і творцаў? Чаму Янка Купала, які і назваўся ж паводле гэтага сьвята, зьвязваў з ім найвышшую тайніцу чалавечага пакліканьня? І чым гэтае сьвята ёсьць цяпер? Якую ролю адыгрывае ў фармаваньні сучаснай беларускай ідэнтычнасьці?

На ўсе гэтыя пытаньні Ірына Дубянецкая адкажа падчас сваёй “купальскай” лекцыі з цыклю “Беларускі сакрум”.

5 ліпеня (пятніца) 

19.00 

кнігарня “Логвінаў” (пр.Незалежнасці, 37а)

уваход вольны, але патрэбная рэгістрацыя

You may also like...