Місія Беларускага Калегіюма

Беларускі калегіюм

Асноўная місія Беларускага Калегіюма – вучыць і вучыцца думаць. Крытычна і самастойна. Думаць у беларускім кантэксце, з беларускай перспектывы. Думаць Беларусь.

​Што гэта значыць канкрэтна.

1. Мы выкладаем і вучым не дысцыплінам, а дыскурсам і тыпам мыслення. У нашых курсах мы імкнемся прадставіць ўсё самае важнае і жывое ў беларускай гуманістыцы, філасофіі, сацыяльных навуках. Але не толькі. У эпоху “копіпастаў” і “онлайнаў” мы робім стаўку на ўнікальнае, на тое, што не можа быць штучна вытварана і памножана: жывая прысутнасць побач з майстрамі і творцамі, супольная работа ў семінарах і творчых праектах.

2. На лекцыях і семінарах, у супольнасці выкладчыкаў і студэнтаў мы абмяркоўваем (а тым самым ствараем) сцэнары і варыянты беларускай будучыні. Вынікі гэтага абмеркавання мусяць быць адкрытымі, даступнымі, – у тым ліку і ў сучасных медыя-фарматах.

3. Мы даследуем, выкладаем, апякуемся беларускай традыцыяй. Шматмоўнай, поліэтнічнай, але незапярэчна тутэйшай. І сярод гэтай традыцыі найноўшы беларускі праект і ідэнтычнасьць – цэнтар і аб’яднаўчая сіла.

“Калегіюм паўстаў з любові і трывогі за краіну (якой рамантычны была тая эпоха!). І паўстаў у той пераломны момант, калі многім з тых, хто быў ўсхоплены незалежнасцю Беларусі, падалося, што замест праставання ў еўрапейскую будычыню, краіна пачала збочваць ў савецкае былое.

Тады і з’явілася думка, што мы самі мусім фармаваць маладую нацыянальную эліту, якая была б тоеснай той еўрапейскай будучыні, якая чакала – паводле нашых уяўленняў – Беларусь наперадзе”.

Валянцін Акудовіч,

філосаф, старшыня Кола заснавальнікаў

circle-babkou

Беларускі калегіюм вызначае сябе як універсітэт 5.0. Як публічная пляцоўка, агора, – і ў той жа час праектная лабараторыя, дзе тчэцца беларуская будучыня.

Калі я шукаю словаў, якія б падсумавалі ўсё гэта ў адным сказе, прыходжу да наступнага:
Беларускі калегіюм — гэта перадусім работа з ідэямі ў публічнай прасторы.

Фармаванне беларускіх метанаратываў, сістэмаў думкі, культурных кодаў і схематызмаў, якія трымаюць цэльнасьць, інтэграванасць нацыі і культуры ў сітуацыі інстытуцыйнай слабасці і цывілізацыйнай “абыякавасці”. Посткаланіяльнай незавершанасці культурных формаў. І якія ў той жа час “адкрываюць” нас свету, будучыні.

Публічнае ўжыванне розуму, як назваў гэта Кант у сваім славутым тэксце пра Асветніцтва. Месца навучання, месца інтэлектуальнай работы, і разам з тым пляцоўка, дзе вынікі гэтай работы становяцца даступнымі публічнасці.

Беларускі калегіюм – гэта ўніверсітэт беларускай будучыні.
Якая неаддзельная ад будучыні ўсяго чалавецтва, і ўсяго жывога на нашай планеце. І ў той жа час не распушчаецца ў ёй. Захоўвае сваю гаючую асобнасьць.
Калегіюм як родны кут. Непазбыўна свой і непазбежна ўніверсальны.

 
Ігар Бабкоў,

філосаф, заснавальнік і куратар БК

Чым ёсць БК?

Прамаўляюць: Алесь Анціпенка, Валянцін Акудовіч, Валянціна Лойка.

Аўтары відэа: Яўген Ціханаў, Паўліна Вітушчанка.