Аляксей Ластоўскі. Беларуская спадчына ў свеце: кола вандровак

курс:

Беларуская спадчына ў свеце: кола вандровак

Мы мыслім Беларусь зараз у актуальных палітычных межах, але гэтае пракрустава ложа з цяжкасцю кладзецца на складаную гісторыю. Межы ссоўваліся, ідэнтычнасці змяняліся, культуры пашыраліся і знікалі, людзі мусова мігравалі ці шукалі лепшай долі ў іншых краінах свету. 

У межах гэтага невялікага курса лекцый я хачу паразмаўляць пра беларускую культурную прысутнасць у іншых гарадах і краінах (па-за актуальнымі межамі). Гэта не толькі размова пра пласт багатых палітычных і культурных сувязей, якія пераадольваюць кардоны, але і разуменне спрадвечнай дыялагічнасці культур і грамадстваў. Без такой знешняй перспектывы наша ўяўленне пра кшталт беларускай ідэнтычнасці ці культурны канон заўжды будзе абмежаваным. У гэтых лекцыях я паспрабую фізічна зафіксаваць сляды беларускай прысутнасці ў вялікіх сталіцах свету, мы пусцімся ў вандроўкі па вуліцах і плошчах, адшукаем прыхаваныя помнікі, і перакапаем калекцыі славутых музеяў.

Час курса  снежань 2021. Запіс на курс праз спасылку.

Лекцыя 1. Беларускі Парыж: сталіца паўстанцаў і мастакоў.

Лекцыя 2. Беларускі Стакгольм: арыентацыя на Поўнач.

Лекцыя 3. Беларуская Вена: скарбы сталіцы Габсбургаў.

Лекцыя 4. Беларускі Пецярбург як калыска палітычнага абуджэння нацыі.

Аляксей Ластоўскі – сацыёлаг,  даследчык гістарычнай памяці і нацыянальнай ідэнтычнасці.

Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (2000 г.), аспірантуру Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі (2005 г.). Кандыдат сацыялагічных навук (Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, 2007 г., тэма дысертацыі “Спецыфіка фарміравання калектыўнай ідэнтычнасці ў моладзевай контркультуры”).

Сфера інтарэсаў: гістарычная памяць, палітыка памяці, нацыянальная і этнічная ідэнтычнасць, гісторыя нацыяналізму.