Як стаць студэнтам(-кай) Беларускага Калегіюма?

Запрашаем да навучання!

Беларускі Калегіюм – першая ў незалежнай Беларусі платформа дадатковай адукацыі, заснаваная ў 1997 годзе.

Мы прапануем навучанне па індывідуальнай праграме. У аснове – работа на творчых семінарах (т’ютары – Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Максім Жбанкоў), а таксама на лекцыях і майстар-класах вядомых інтэлектуалаў, навукоўцаў, журналістаў, творчых асобаў.

Нашыя праграмы не дублююць праграмы дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.

Сертыфікат БК не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі.

Навучанне бясплатнае.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаем студэнтаў(-к) старэйшых курсаў або асобаў з вышэйшай адукацыяй. Калі вы  студэнт(-ка) малодшых курсаў, у асобных выпадках можам зрабіць выключэнне.

Дэдлайн для аплікацый – 20 кастрычніка 2019 г.

Пачатак навучання – з лістапада 2019 г.

Мы прымаем на навучанне праз конкурс заявак – калі ласка, падбайце пра змястоўнае запаўненне анкеты.

Частыя пытанні

... і адказы

Колькі трэба вучыцца ў БК?

Тэрмін навучання складае два гады. Мы разлічваем, што за гэты час вы пройдзеце два творчыя семінары і праслухаеце не менш за дзесяць лекцыйных курсаў, каб у выніку атрымаць сертыфікат. Падрабязней пра структуру навучання.

У які час адбываюцца заняткі?

Заняткі адбываюцца ўвечары – пасля 18.30. Творчыя семінары – па аўторках, раз на два тыдні, лекцыі – штосераду. Лекцыйна-семінарскі сезон цягнецца ад кастрычніка да чэрвеня. Улетку адбываюцца летнія школы, адукацыйныя вандроўкі і спецыялізаваныя семінары.

Ці магу я абраць толькі адзін творчы семінар?

Так, можаце. Як і наведваць адвольную колькасць лекцыяў. Але ў гэтым выпадку вы не зможаце прэтэндаваць на сэртыфікат. Дзеля яго вы мусіце прайсці два творчыя семінары і не менш за дзесяць лекцыйных курсаў за ўвесь тэрмін навучання.

Колькі чалавек набіраецца ў групы ?

У залежнасці ад кірунку ў групы набіраецца 15-30 чалавек.

Ці ёсць конкурс пры паступленні?

Так. Набор у групы адбываецца на конкурснай аснове і базуецца на выніках анкетавання. Калі ласка, падбайце пра змястоўнае запаўненне анкеты ўвогуле і матывацыйныга ліста ў прыватнасці.

У мяне засталіся пытанні. Як я магу атрымаць на іх адказы?

Вы можаце скантактавацца з намі і атрымаць дадатковую інфармацыю праз info@belcollegium.by ці facebook/facebook.