Кацярына Масэ “Што ўсё гэта значыць?” Сэміётыка мовы і мыслення

Мова і матэматыка, мастацтва і абраднасць – усе гэта ў аснове сваёй знакавыя сістэмы. Знакі выступаюць «будаўнічым матэрыялам» гэтых сістэм, яны ж прадвызначаюць і асаблівасці іх функцыянавання. Мы з вамі – таксама знакавыя істоты, якія, аднак, настолькі зрасліся са сваёй «знакавасцю», што перасталі яе адчуваць і ўсведамляць. А між тым знак – гэта не проста носьбіт інфармацыі, а найскладанейшы кагнітыўны канструкт, які абслугоўвае такія падставовыя сістэмы жыццядзейнасці чалавека, як камунікацыя і мысленне. Што такое моўны знак? Ці сапраўды словы «адлюстроўваюць рэчаіснасць»? Як насамрэч ажыццяўляецца абмен інфармацыяй паміж людзьмі? На гэтыя і іншыя пытанні мы паспрабуем паразважаць на працягу чатырох лекцый, прысвечаных найскладанейшым і найцікавейшым праблемам сучаснай семіётыкі ў галіне мовы і пазнання.