Лекцыйныя курсы 2020-21 г.г.

Іван Новік: Абдзіраловіч і яго эпоха. Інтэлектуальная культура Беларусі 20-30  гадоў XX стагоддзя. 

Тады – у Сярэдняй Літве дваццатых Канчэўскага, таксама было шмат палітычных праграмаў і ідэалогіяў. Ён азіраўся навокал і бачыў аднолькава аблудныя шляхі, – варажнечы, вайны да апошняга знішчанага апаненту і механічнага кампрамісу, адкладзенай на заўтра бойкі, – і не згаджаўся абіраць ніводны. Але бачыў ён і іншае: як сацыялісты і камуністы, рэвалюцыянеры і лібералы, беларусы, габрэі, палякі, немцы, літоўцы і рускія Віленшчыны ядналіся ў кааператывах і пасольскіх Клубах, каб вырашыць бягучыя і надзённыя патрэбы Краю і сваіх народаў. Знаходзілі формы еднасці і салідарнасці, нягледзячы на розныя ідэалы і палітычныя праграмы, без здрады ім, але і без бясплённага рэзанёрства. Акурат такую салідарнасць і назваў ліючайся формай.

Таццяна Валодзіна: Фальклорная традыцыя ў часе і прасторы. Здароўе ў традыцыйнай беларускай культуры.

…не бывае чалавека без хваробаў, без унутраных засветаў, чужое – важкая частка яго мікракосму. І гэта не заўсёды той адмоўна маркіраваны элемент, да выдалення якога чалавек мусіць імкнуцца. Гэта ў такой жа ступені неабходны і арганічна ўласцівы “свой” чужы свет, у адносінах з якім патрэбныя пэўны рэгламент і гармонія…

Юры Пацюпа: Культура маўлення – моўная інжынерыя – метаграматыка.

Беларуская мова як вяртанне да сябе праз адмаўленне сябе

Адмовіцца ад сябе цяжэй за ўсё. Дый навошта? Спрэс усе вучаць любіць сябе, каб любіць іншых ці проста любіць, каб дабіцца поспеху. А тут нехта прыйшоў і прапануе адмаўляцца. Але мова – парадаксальная з’ява, нават камуністыя, хоця-няхоця, мусілі прызнаць яе надкласавасць. І парадаксальнасць яе ў тым, што мы, адмаўляючыся ад часткі свайго “я” дзеля мовы, набываем новае, больш адметнае, запатэнтаванае як наша і толькі наша “я” – падарунак, бонус ад мовы. Так, заглыбляючыся ў мову, мы ідзем да пазнання яе існасці, а з нас спадае тое шаблоннае, што рабіла нас трывіяльным, статыстычным злепкам з грамадства, усяго толькі нейкаю сумаю грамадскіх стыхіяў. І, зрэшты, мова – гэта і есць любасць, да сябе, да свайго, да іншага, да неспазнанага. Яе пазнанне – гэта рэфлексія. У звычайным жыцці людзі не задумваюцца над тым, як гавораць, таму адразу насцярожваюцца, калі нехта зверне ўвагу на форму (не на змест) іх гаварэння. Таму “пазнай сябе – гэта і пазнай сваю мову ў тым ліку.

Алесь Смалянчук: Польшча і палякі ў гістарычным лёсе Беларусі. ХІХ – ХХІ стагоддзі

Курс прысвечаны гісторыі польска-беларускіх адносінаў у апошнія стагоддзі, а таксама іх інтэрпрэтацыі гісторыкамі. У цэнтры ўвагі будуць пытанні, звязаныя з працэсамі паланізацыі (самапаланізацыі), паходжання беларускіх палякаў і праблемай іх ідэнтычнасці, што між іншым адлюстравалася ў выпрацоўцы на пачатку ХХ ст. г. зв. “краёвай ідэі”. Асобная размова будзе прысвечана “краёўцам” Раману Скірмунту (1868-1939) і Эдварду Вайніловічу (1847-1928). Таксама гаворка пойдзе пра найбольш вострыя пытанні польска-беларускіх адносінаў у ХХ ст., а менавіта стасунак беларускіх палякаў да абвяшчэння БНР, Рыжскі мір (1921), падзеі восені 1939 г., калі ў вынікі змовы Сталіна і Гітлера адбылося далучэнне Заходняй Беларусі да БССР, рэпрэсіі “першых Саветаў” ды інш.

Адам Глобус: Код вызвалення: беларуская літаратура 70-80 гадоў XX стагоддзя.

Святлена Немагай: Беларуская музыка эпохі рамантызма.

Ганна Севярынец: Супольная памяць і супольнае забыццё. Беларуская літаратура ў мемах, міфах і легендах.

У час, калі мы завяршаем будаўніцтва апошняй мадэрновай нацыі Еўропы, узнікае патрэба перагледзець рэестр нашых агульных ведаў пра сябе, якія лягуць у падмурак новай нацыянальнай гісторыі, якая, як вядома, існае ў масавай свядомасці ў выглядзе мемаў, міфаў і легендаў. Шчэ Эрнэст Рэнан папярэджваў: гісторыя нацыі – гэта не толькі тое, што народ супольна памятае, але і тое, што ён супольна забывае. Што памятаць і што забыць нам цяпер?

Вольга Бабкова: Чалавек і свет у старабеларускай культуры.

Змест шматлікіх дакументаў, якія захоўваюцца ў Гістарычным архіве Беларусі, дае ўнікальную магчымасць даведацца пра штодзённае жыццё людзей беларускіх гарадоў і мястэчак, вёсак і фальваркаў — пра вяселле і войны, корчмы і кошты, адзенне і стравы, пра колеры, пра смерць – адным словам пра свет пачуццяў і рэчаў тагачаснага чалавека.

Кацярына Масэ: “Што ўсё гэта значыць?” Сэміётыка мовы і мыслення.

Мы з вамі – таксама знакавыя істоты, якія, аднак, настолькі зрасліся са сваёй «знакавасцю», што перасталі яе адчуваць і ўсведамляць. А між тым знак – гэта не проста носьбіт інфармацыі, а найскладанейшы кагнітыўны канструкт, які абслугоўвае такія падставовыя сістэмы жыццядзейнасці чалавека, як камунікацыя і мысленне. Што такое моўны знак? Ці сапраўды словы «адлюстроўваюць рэчаіснасць»? Як насамрэч ажыццяўляецца абмен інфармацыяй паміж людзьмі?

Павел Свярдлоў: Журналістыка ў часы рэвалюцыі.

Францішак Вячорка: Цывілізацыйныя змены ў інфармацыйнай прасторы.