Канцэпцыя

“Інтэлектуальная гісторыя посткамунізма” – публічны семінар Беларускага Калегіюма, запачаткаваны ў 2018 годзе. Улучае ў сябе наступныя формы раборы: уласна даследчы семінар, лекцыі спецыялістаў, круглыя сталы, прэзентацыі, абмеркаванні новых выданняў. Падзеі адбываюцца рэгулярна, на публічных пляцоўках (адкрыты доступ), дакументуюцца (запіс альбо онлайн трансляцыя).

У межах праграмы 2019-20 гадоў плануецца ўдзел больш за 50 спецыялістаў у розных галінах веды.
Задача семінара: стварыць трансдысцыплінарную платформу, на якой становіцца магчымай веда пра рэгіён, краіну і эпоху.
Матрыцай, якая інтэгруе розныя фарматы і дысцыплінарныя формы ў адзіны семінар, выступае інтэлектуальная гісторыя, якая трактуецца ў максімальна шырокім сэнсе – як практыка работы з ідэйным / ідэалагічным зместам эпохі, уменне выяўляць і аналізаваць карані сучасных праблем, вызначаць перспектывы будучыні. Найбольш вядомыя прадстаўнікі гэтага кірунку – такія як Ісая Бэрлін у мінулым, ці Тыматы Снайдэр у нашыя часы – здольныя пераўтвараць працу з традыцыяй у крытычны аналіз сучаснасці, і наадварот, адкрываць у сучасных выкліках успадкаваныя (невырашаныя) ад мінулага праблемы.