навучанне
Мы прапануем дадатковае навучанне
Чаму мы вучым і чаму вучымся ў Беларускім Калегіюме?
Вучымся думаць. Крытычна і самастойна. Думаць у беларускім кантэксце, з беларускай перспектывы. Думаць Беларусь.
У аснове – работа на творчых семінарах (т’ютары – Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Павал Баркоўскі, Генадзь Коршунаў, Іван Новік), а таксама на лекцыях і майстар-класах вядомых інтэлектуалаў, навукоўцаў, журналістаў, творчых асобаў. (Гл. праграма БК 2020-21).
У фокусе – гуманітарныя і сацыяльныя навукі: філасофія і літаратурная крытыка, сацыяльная і інтэлектуальная гісторыя, даследаванні культуры і сацыялогія, урбаністыка, работа ў медыя і візуальных фарматах ды інш.
Нашы курсы лекцый – трансдысцыплінарныя. Яны аб’ядноўваюць матэрыялы і падыходы розных кірункаў і арыентаваныя на праблематызацыю, пастаноўку пытанняў, работу з новым матэрыялам.
Нашыя навучэнцы – студэнты старэйшых курсаў ВНУ, магістранты і аспіранты, маладыя навукоўцы, людзі, якія ўсвядомілі недастатковасць фармальнай адукацыі і хацелі б вучыцца глыбей і далей – разам з сябрамі і калегамі.
Нашае навучанне – індывідуальнае. Гэта значыць, што пасля паступлення ў Калегіюм вы можаце выбраць: альбо разам з усімі прайсці двухгадовую праграму заняткаў, альбо скласці ўласны план работы, творачы з наяўных курсаў і майстар- класаў, работы ў семінарах і праектах індывідуальную навучальную праграму.
Звычайна навучанне займае два гады. Але ў асобных выпадках індывідуальная праграма можа быць як карацейшая, так і даўжэйшая.
творчыя практыкумы і акадэмічныя семінары
Тэорыя і практыка пісьма Валянціна Акудовіча найперш для тых, хто спрабуе пісаць. Працаваць з тэкстамі, сваімі і чужымі. Але і для кожнага, каго цікавяць мысленне і літаратура як такія.
Сучаснае філасофскае/акадэмічнае пісьмо Практыкум Івана Новіка.
Беларускае мысленне Ігара Бабкова – гэта месца, дзе вучацца думаць. Разам з традыцыяй — беларускай, еўрапейскай, сусветнай. Насустрач традыцыі. А часам і насуперак ёй.
Культурныя коды цывілізацыі Захаду Ірыны Дубянецкай – гэта работа з каранямі нашай цывілізацыі. Заходнімі і ўсходнімі. Спроба кадыфікацыі яе складовых элементаў. Пошукі беларускай адметнасці, месца і ролі Беларусі ў сусветных культурных працэсах.
Сацыяльная герменэўтыка / практычная філасофіяПаўла Баркоўскага – зварот да практычных і сацыяльных задачаў філасофіі, спроба аналітыкі і герменэўтыкі як нашага “жыццёвага света”, так і таго, што яму супрацьстаіць як знешняе: улада, палітыка, сацыяльны прымус.
Беларуская сацыялогія / сацыялогія Беларусі Генадзя Коршунава – работа інструментамі і метадамі сацыялогіі – з загадкавым і выбуховым беларускім “сацыяльным”, якое заўсёды навідавоку, блізкае і зразумелае, і ў той жа час ухіляецца ад “канцэптуалізацыі”.
- Каб прэтэндаваць на сэртыфікат, вы мусіце прайсці чатыры семінары і дзесяць лекцыйных курсаў за два гады навучання.
- Падаць заяўку на навучанне
лабараторыі
Семінар “Інтэлектуальная гісторыя посткамунізма” – даследчая лабараторыя, што працуе ў рэжыме публічнага семінара як з нашым нядаўнім мінулым так і з сучаснасцю.
“ЗНО. Віртуальная кавярня” – сустрэчы, дыскусіі, “жывыя” рэцэнзіі і публічныя абмеркаванні найбольш важных кнігаў, падзеяў, творцаў сучаснай Беларусі.
Кіналабараторыя “БК” – новы праект Беларускага Калегіюма, сустрэчы з рэжысерамі і крытыкамі, прагляды, дыскусіі, абмеркаванні.
лекцыі
Іван Новік. Абдзіраловіч і яго эпоха. Інтэлектуальная культура Беларусі 20-30 гадоў XX стагоддзя.
Адам Глобус. Код вызвалення: беларуская літаратура 70-80 гадоў XX стагоддзя.
Таццяна Валодзіна. Фальклорная традыцыя ў часе і прасторы.
Святлена Немагай. Беларуская музыка эпохі рамантызма.
Ганна Севярынец Супольная памяць і супольнае забыццё. Беларуская літаратура ў мемах, міфах і легендах.
Вольга Бабкова Чалавек і свет у старабеларускай культуры.
Кацярына Масэ “Што ўсё гэта значыць?” Сэміётыка мовы і мыслення.
Юры Пацюпа Культура маўлення – моўная інжынерыя – метаграматыка.
Павел Свярдлоў Журналістыка ў часы рэвалюцыі.
Францішак Вячорка Цывілізацыйныя змены ў інфармацыйнай прасторы.
ПУБЛІЧНЫЯ ЛЕКЦЫІ І МАЙСТАР-КЛАСЫ
Уладзімір Арлоў, Алесь Бяляцкі, Лявон Баршчэўскі, Міхаіл Баярын, Міхаіл Гулін, Вінцук Вячорка, Алесь Разанаў, Сяргей Дубавец, Валер Булгакаў, Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Святлана Куль-Сільвестрава ды інш.
- Спіс курсаў пашыраецца ды абнаўляецца.
- Каб прэтэндаваць на сэртыфікат, мусіце праслухаць не менш за дзесяць курсаў лекцый за ўвесь тэрмін навучання.
- Падаць заяўку на навучанне