“Вялікі выбух з абмежаванай адказнасьцю”. 30-годдзе часопісу “Унія”

ВІРТУАЛЬНАЯ КАВЯРНЯ “ЗНО”

“Вялікі выбух з абмежаванай адказнасьцю”. 30-годдзе часопісу “Унія”

Што

Напрыканцы 1980-х гадоў сацыяльна-культурныя трансфармацыі набылі ў Беларусі нечуваны размах. Абудзіліся й пачалі шукаць выйсьця інтэлектуальныя й духоўныя сілы краіны. Грамадзтва вылузвалася з савецкіх ідэялягічных рамак ды пачынала ствараць самое сябе наноў. Вынікі таго стварэньня мы перажываем і цяпер. Паўставалі незалежныя моладзевыя суполкі ды канфэдэрацыі, культурніцкія рухі, навуковыя таварыствы, літаратурныя хаўрусы, буяў самвыдат, нараджаліся перыядычныя выданьні… Намацваліся, фармуляваліся, выпрабоўваліся новыя ідэі, што фармавалі новую візію Беларусі, акрэсьлівалі для яе новыя далягляды, намройвалі — праектавалі — праграмавалі ёй новы лёс.

Першым часопісам — г.зн., большым ад звыклых газэт ці лісткоў пэрыёдыкам з цэльнай ідэйнай ды эстэтычнай канцэпцыяй — стаўся рэлігійна-культурны часопіс “Унія”, першы нумар якога быў прэзэнтаваны з велізарным аншлягам у менскім Доме літаратара 6 жніўня 1990 г., на сьвята Перамяненьня і сьвята Скарынавага кнігадрукаваньня.

“Унія” распавядала самую бадай хаваную ад савецкага чалавека гісторыю: гісторыю духоўнага пошуку Беларусі, яе аўтэнтычную рэлігійнасьць праз стагоддзі, з сваімі ўзьлётамі й заняпадамі, пра яркі й трагічны лёс уласнабеларускай царкоўнай традыцыі ды сучасныя калектыўныя намаганьні намацаць духоўную будучыню краіны ці прынамсі стварыць прастору, дзе гэтая будучыня магла б фармавацца.

Часопіс рабілі сьветлай памяці Міхал Анемпадыстаў і Сяржук Вітушка, а таксама Сяргей Абламейка, Ігар Бабкоў, Галіна Дубянецкая, Ірына Дубянецкая (рэдактар), Ігар Іваноў, Гэнік Лойка, Караліна Мацкевіч (выдавецкі дырэктар), Алена Ткачова і многія іншыя. Сярод аўтараў былі Ірына Багдановіч, Адам Мальдзіс, Аляксандар Надсан, Алесь Разанаў…

На сьвяткаваньні 30-годдзя “Уніі” мы пагаворым пра фэномэн гэтага часопісу ў тагачаснай Беларусі, пра яго ўплыў на лёсы людзей ды на фармаваньне “беларускай ідэі”, а таксама пра яго знаходкі й хібы, узнёслую наіўнасьць ды інтэлектуальныя плёны. Адбудзецца прэзэнтацыя дыгітальнай вэрсыі ўсіх нумароў “Уніі”, падрыхтаванай Ігарам Івановым.

Хто

Гаспадыня вечара ў кавярні Ірына Дубянецкая.
Запрошаныя госьці — Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Махаіл Баярын, а. Андрэй Абламейка, Сяргей Абламейка (Прага), Тацяна Касьцюковіч (Балмало,Scotland), Караліна Мацкевіч (Лёндан), а. Андрэй Крот (Горадня), Алена Ткачова (Бярозаўка) ды іншыя.

Дзе

Платформа Zoom.
Рэгістрацыя па спасылцы.
Падзея сустрэчы ў facebook.

Запрашаем шчыра ўсіх ахвочых!

Калі

3 сьнежня 2020 г. (чацвер), 19.00

You may also like...